Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // Новости

Каля 14 тысяч жыхароў Пружанскага раёна далучыліся да рэспубліканскага суботніка

24/04/2024 16:27

У нашага народа ёсць нямала шматвяковых традыцый. Адна з іх патрабуе ў перадвелікодныя дні праводзіць маштабную ўборку ў сваім доме і на падворку. І ў ёй у абавязковым парадку прымае ўдзел кожны член сям’і. Нават дзецям «наразаўся» свой фронт работ, які ім быў па сілах. А вечарам уся сям’я збіралася за вячэрай з задавальненнем ад атрыманага выніку.

Менавіта такія паралелі ўзнікаюць падчас штогадовага рэспубліканскага суботніка, які — таксама па традыцыі —праводзіцца напрыканцы красавіка. Далучыліся да яго і пружанцы, якія ў мінулую суботу нагадвалі дружную сям’ю, у якой кожны прыносіць пасільную карысць. У наяўнасці быў і «дом» — нашы населеныя пункты і іх ваколіцы, якія пасля зімы патрабуюць навядзення чысціні.

Асабліва шматлюднай аказалася «сям’я» жыхароў горада: па папярэдніх падліках на гарадскіх вуліцах шчыравала больш за тысячу чалавек практычна з усіх арганізацый. Усяго ж па раёне ўдзел у рэспубліканскім суботніку прынялі каля 14 тысяч чалавек. А вынікі іх працы зараз бачны не толькі мясцовым жыхарам райцэнтра, але і гасцям.

У прыватнасці, тыя, хто праязджае ў раёне вуліцы Лучыстай, могуць заўважыць, што яна цяпер поўнасцю адпавядае сваёй назве. Тут высечкай зараснікаў займаліся калектывы станцыі хімізацыі і доследнай станцыі разам з мужчынскай часткай Пружанскага райвыканкама. А вось жанчынам з райвыканкама была даручана афарбоўка трыбун стадыёна.

Увогуле асноўныя віды работ уключалі культываванне зялёных насаджэнняў, ландшафтны дызайн і афарбоўку вулічных канструкцый. Гэтыя работы выконвалі прадстаўнікі сельвыканкамаў, устаноў культуры і адукацыі, паштавікі, газавікі, энергетыкі, страхаўшчыкі і многія іншыя.

Зразумела, не засталася ў баку ад агульнай пачэснай справы і рэдакцыя «Раённых будняў».

Актыўна ўключыліся ў рэспубліканскі суботнік і грамадскія арганізацыі, якія ўзялі на сябе «адказнасць» за гісторыка-культурныя мясціны горада і раёна, наводзячы парадак на брацкіх пахаваннях, каля помнікаў.

Пералічваць участкі і арганізацыі, якія наводзілі парадак у Пружанах і вёсачках, можна бясконца. Прыемна тое, што зладжаная работа пружанцаў уражвае і жыхароў іншых гарадоў вобласці. У прыватнасці, менавіта ў гэтую суботу на тэрыторыі вайсковага вузла сувязі і воінскага пахавання каля в. Слабудка разам з мясцовымі службоўцамі шчыра папрацавалі іх калегі з Баранавіч, з вайсковай часці 57314. Як расказвае камандзір вайсковай часці Юрый Апанасёнак, госці прыехалі нават з членамі сваіх сем’яў. Высякаліся дзікарослыя зараснікі, карчаваліся пні, фарбаваліся архітэктурныя элементы.

Увогуле, спіс работ рэдка мяняецца з году ў год. Трэба аднавіць тое, што падчас зімовай непагадзі страціла першапачатковы знешні выгляд або сапсавалася. Але гэта — толькі адзін з вынікаў рэспубліканскага суботніка. Другая карысць заключаецца ў тым, што людзі будуць імкнуцца захоўваць вынікі ўласнай працы і не даваць псаваць іх іншым. І трэцяя — самая глабальная — заключаецца ў тым, што здабыткі пачэснай працы мы перадаём сваім нашчадкам у выглядзе матэрыяльнай памяці гісторыі нашага народа. Таму што грашовыя сродкі, заробленыя ў дзень правядзення суботніка, у тым ліку на рабочых месцах, пойдуць на аднаўленне помнікаў і патрыятычных збудаванняў, у якіх на стагоддзі закладзены напамін пра Вялікую Айчынную вайну.

Усяго сёлета грашовыя вынікі зладжанай суботняй працы дасягнулі 39 тысяч рублёў. З сабранай сумы трэць пойдзе на фінансаванне рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу «Дзецям — ахвярам вайны» ў н.п. Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна. Яшчэ адна такая частка будзе ўкладзена ў стварэнне Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці. Астатнія 30% будуць накіраваны на рэканструкцыю і аднаўленне мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, размешчаных у абласцях і Мінску. Таму кожны з тых, хто прыняў удзел у суботніку, незалежна ад таго, якія работы ён выканаў, падчас ускладання 9 Мая кветак да брацкай магілы, мемарыяла, наведваючы Брэсцкую крэпасць, Хатынь і іншыя святыя для беларусаў месцы, зможа смела сказаць сваім дзецям: у аднаўленні гэтага помніка я прымаў асабісты ўдзел.

Алег Сідарэнка.

Фота Кацярыны Масік

http://www.budni.by/kalya-14-tysyach-zhyxaro-rayona-daluchylisya-da-respublikanskaga-subotnika/

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки