Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // Социальная сфера // Социальная защита, труд, занятость

Як дзейнічае механізм сацыяльна небяспечнага становішча?

03/08/2023 08:31

Філосафы і сацыёлагі дадуць адразу сотні рэцэптаў сямейнага шчасця. Вось толькі яны маюць рэкамендацыйны характар, і не ўсе сужэнцы трымаюцца традыцыйных маральных або этычных асноў. Таму ў нашай краіне на дзяржаўным узроўні дзейнічае спецыяльная праграма па ўмацаванні інстытута сям’і, бо ў Беларусі, у адрозненне ад заходніх суседзяў, дакладна разумеюць, якім чынам яго распад можа адбіцца на будучыні беларускай дзяржавы.

Ільготы і прэферэнцыі, якія прадугледжаны айчынным заканадаўствам для тых, хто ўступае ў шлюб і гадуе дзяцей, безумоўна, вядомыя многім. Аднак сустракаюцца і такія «таты», а, на жаль, і «мамы», якія не разумеюць, што дзяржава строга сочыць за выкананнем імі ўзятых на сябе бацькоўскіх абавязкаў. У такіх выпадках у дзеянне ўступае механізм «СНС» – сацыяльна небяспечнае становішча. Гэта яшчэ не пакаранне, а адчувальны намёк на тое, што магчымасць выправіцца ў няўдалых бацькоў яшчэ ёсць. І калі яны не скарыстаюцца ёю, то…

Менавіта такія сямейныя саюзы разглядаліся на адным з пасяджэнняў камісіі па процідзеянні насіллю ў сям’і, якое прайшло на базе Ліноўскага сельвыканкама. Нельга сказаць, што Ліноўскі сельсавет – лідар па колькасці сем’яў са статусам «СНС»: хапае іх у розных кутках Пружаншчыны. Таму падобныя пасяджэнні, дакладней, «разгляды няўдалых бацькоў», рэгулярна праходзяць паўсюдна.

Як дзейнічае механізм «СНС»? За невыкананне бацькоўскіх абавязкаў з-за злоўжывання спіртнымі напоямі, пастаянных сварак і боек сям’я заносіцца ў спецыяльны кантрольны спіс, кіруючыся якім розныя сацыяльныя ўстановы сочаць за тым, ці выпраўляюцца бацькі, ці выконваюць дадзеныя рэкамендацыі па нармалізацыі сітуацыі.

З васьмі выкліканых на разгляд сем’яў толькі адну можна было выключаць са спіса «СНС» – з-за таго, што жанчына не вытрымала паводзін мужа і скасавала шлюб. У астатніх выпадках сітуацыя заставалася трывожнай, пераважна па віне таты. Адзін не жадае ісці на працу і жыве за грошы, якія жонка атрымлівае ад дзяржавы на выхаванне трох дзетак. Другі задаволены часовымі заробкамі, якіх хапае на тыдзень загулаў, хаця заробленае мог бы аддаць на выхаванне сваіх дзяцей…

Ці можна выправіць сітуацыю?

Галоўная праблема заключаецца не ў тым, што дарослыя людзі разбураюць уласнае жыццё. Бяда ў тым, што сваркі і канфлікты адбываюцца на вачах у дзяцей. Якімі яны вырастуць? Яскравы адказ на гэта пытанне дае прыклад грамадзяніна Н. з аг. Лінова. Мужчына сам рос у сям’і, дзе бацька рэгулярна збіваў маці. Зараз жа ён паўтарае тое ж самае са сваёй жонкай. Падсвядома вучацца такой жа мадэлі адносін і іх двое сыноў. Ці будуць гэтыя хлопцы, стварыўшы ў будучым свае сем’і, ставіцца з пяшчотай да абранніц?

Вінаваты толькі мужыкі?

Варта прызнаць, што і жанчыны бываюць нястрыманымі ва ўжыванні алкаголю. Шматдзетная сям’я, у якой выхоўваецца сем дзяцей, спачатку лічылася ўзорнай. Але нядаўна трапіла ў спіс «СНС». Справа ў тым, што маці вырашыла перайсці на лёгкую работу з загружанасцю ў чатыры дні з трыма выхаднымі. З’явілася больш вольнага часу, які запоўнілі сяброўкі, а не дзеці. У выніку бацькі «дагуляліся» да таго, што, пакінуўшы малых дома, пайшлі ў госці… на тры дні. На выказаны з боку членаў камісіі жах адносна лёсу дзяцей маці выказала ўпэўненасць, што нічога з імі не здарыцца, бо яны самастойныя.

Калі на свае вочы і вушы спазнаеш усе падобныя акалічнасці, то прыходзіш да высновы, што пазбаўленне бацькоўскіх правоў падобных небарак – адзінае выйсце і ратаванне для дзяцей. Пагаджуся, што выхоўвацца не ў сям’і, без бацькоўскай любові малым некарысна. Аднак у названых вышэй выпадках гэта – небяспечна.

Усе выкліканыя на пасяджэнне былі папярэджаны пра наступствы безадказнага ладу жыцця. Хочацца верыць, што некаторыя задумаюцца над гэтым. Хаця трэба і на заканадаўчым узроўні ўводзіць больш жорсткія пакаранні ў адносінах да такіх гора-бацькоў. Каб яны неслі не толькі маральныя пакуты, але і фізічныя.

Алег Сідарэнка. 

http://www.budni.by/__trashed-6/

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки