Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 2026 - Год белорусской женщины

Жыццё даецца…

06/03/2026 09:03

 Для чаго чалавек прыходзіць у гэты свет?

З той мэтай, каб даць новае жыццё, ды і не адно. Прыкладам можа служыць сартавальніца доўгага валакна льну з ААТ «Пружанскі льнозавод» Людміла Кавыліна.

Жыццё можна пражыць па-рознаму. Быць любімым для сябе, бачыць у люстэрку толькі сваю выяву, не абцяжарваць сябе клопатамі аб іншых. Некаторым удаецца пражыць з выглядам дабрачыннасці, носячы на сэрцы непамерную пагарду да ўсіх і ўсяго. Але вялікая радасць за тое, што большасць з нас усё ж такі згаджаецца з думкай, што непамернае шчасце — гэта дзеці, якія працягваюць род, становяцца сэнсам жыцця, не даюць сумаваць і расслабляцца. А калі іх пяцёра, як у Людмілы Іванаўны…


Невялічкая вёсачка Глыбокі Кут, якая схавалася ў Белавежскай пушчы, — месца, якое і цяпер нагадвае Людміле Кавылінай аб дзяцінстве і юнацтве. Не такім ужо і бесклапотным, але па-свойму захапляльным, вясёлым, тым, што з настальгіяй успамінаецца праз многія гады. Бацька Іван Сяргеевіч і матуля Ніна Міхайлаўна Шамрукі ніколі не сядзелі склаўшы рукі, сумленна працавалі ў калгасе «Савецкі пагранічнік», каб сям’я мела кавалак хлеба на стале. Хаця па тым часе плацілі не роўня сённяшнім зарплатам. Таму і даводзілася малой Людміле разам са старэйшымі сястрой Зояй і братам Сяргеем хатнія справы браць на сябе: то падлогу падмесці, то абед зварыць, то парадак на падворку навесці. Праблемай была тая акалічнасць, што газу ў балонах было не дачакацца, таму гатаваць даводзілася на дровах. А гэта доўгі працэс, пакуль напячэш тых бліноў, то страўнік пачынае бурчаць. А яшчэ ж ніхто не адмяняў капанне бульбы, хаджэнне ў ягады. Нічога, усё пераадолелі, наракаць на жыццё не даводзілася, так яно ўжо склалася.

На жаль, бацькоў ужо няма на гэтым свеце, але галоўнае, што яны назаўсёды пакінулі дзецям запавет быць людзьмі, заўсёды вучыцца новаму, не губляць веры ў добрае і светлае. Дарэчы, аб вучобе. Для Людмілы пазнанне навук пачалося ў роднай вёсцы, у трохгадовай школе. Пасля адмервала штодзень пешшу тры кіламетры ў вёску Папялёва, пакуль не сталі падвозіць на ПАЗіку. Час не стаіць на месцы, вось ужо і выпускныя экзамены за 10 клас. Як жа дзяўчыне хацелася стаць медсястрой, да слёз! Але недахоп грошай у сям’і не дазволіла ажыццявіцца гэтай мары.

Таму па рэкамендацыі раённай камсамольскай арганізацыі Людміла трапіла на Пружанскі завод радыё-дэталей, пасля два гады служыла ў штабе дывізіі, якая размяшчалася ў будынку цяперашняй музычнай школы горада. Гэта быў знакавы час для прыгожай дзяўчыны, бо пазнаёмілася са статным маладым чалавекам Пятром, які быў пераведзены на ваенную службу са Смаленска ў Шарашэва. Закруціўся прыгожы раман, які лагічна закончыўся вяселлем. А далей пачалося ўзвядзенне трывалага падмурка сямейнага шчасця, каб на гады ды яшчэ будучым дзецям дастаўся ў спадчыну.


Першай бацькі ў 1982 годзе дачакаліся дачушку Анжэлу, якая прыўнесла ажыўленне ў жыццё, напоўніла сэнсам кожны дзень. І затым чатыры сыны — Аляксандр, Іван, Міхаіл і Сяргей Ці не гонар і радасць? Абаронцы сям’і і роднай старонкі, гатовыя стаць сцяной за сваіх бацьку і маці. Не ўсё было гладка па жыцці, жыллёвае пытанне вырашалася тугавата. Па тым часе нейкіх ільгот для шматдзетных сем’яў не існавала, будавалі кватэру на агульных асновах на працягу 10 гадоў. А да гэтага інтэрнаты ды з малымі дзецьмі. Нічога, усё вытрымалі, бо была вера ў будучыню, моцную сям’ю, у якой панавалі ўзаемаразуменне і любоў.

Дваццаць тры гады таму для Людмілы Кавылінай жыццё зрабіла круты віраж: не стала чалавека, з якім думала прайсці ўвесь свой шлях зямны, мужа Пятра Аляксандравіча. Вось тут давялося матулі моцна паднатужыцца, каб паставіць дзяцей на ногі, даць ім адукацыю, акружыць пяшчотай і ласкай. І вытрымала, і вырасціла годных грамадзян сваёй краіны, не сорамна ні за аднаго. Глядзіш на гэтую маленькую жанчыну і дзіву даешся: адкуль толькі сілы брала? Адказ просты: жыла толькі дзеля дзяцей, пра сябе не думала, іншай дарогі і быць не магло. Дзяржава ацаніла, можна сказаць, подзвіг Людмілы Кавылінай, і ёй у 2006 годзе быў уручаны ордэн Маці.
Ужо пятнаццаць гадоў на пенсіі, але і не думае расставацца з любімым ільнозаводам, куды прыйшла ў далёкім 1985 годзе. За гэты час зарэкамендавала сябе адказнай працаўніцай, якая сумленна ставіцца да сваіх абавязкаў. У адказ шматлікія граматы, падзякі, каштоўныя падарункі, грашовыя ўзнагароджанні.

Час бяжыць хутка, вось ужо старэйшая ўнучка Ульяна замуж выйшла. Унукі Аляксандра, Макар і Мірон заўсёды гатовы дапамагчы бабулі або проста акружыць увагай, папытацца аб здароўі. А калі яшчэ і дзеці ўсе збяруцца за хатнім сталом… Ці не ёсць гэта сапраўднае жаночае шчасце.


Вадзім Раўнейка

На здымках:
1.Жыць і працаваць трэба па сумленні, як Людміла Кавыліна.
2.Вялікая сям’я — гэта непамерная радасць.


Фота Кацярыны Масік і з асабістага архіва Людмілы Кавылінай.

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки